ТК  СНТТ

 наступний  Технічний комітет стандартизації науково-технічної термінології

| Структура | Склад | Адреса | Засади | Правопис | Конференція | Семінар | Термінографія | Вісник | Товариство | Комісія | Оголошення | Хто є хто | Архів |


ВІСНИК

Національного університету «Львівська політехніка»

«ПРОБЛЕМИ УКРАЇНСЬКОЇ ТЕРМІНОЛОГІЇ»

№ 733


Буракова М. Да пытання аб сцісласці формы тэрмінаў / Марина Буракова // Вісник Нац. ун-ту «Львівська політехніка». Серія «Проблеми української термінології» 2012. 733. – С. 3–5.


     

УДК 81’373.46

 

Марина Буракова

Гомельський державний технічний університет імені П. В. Сухого, Білорусь

 

ДА ПЫТАННЯ АБ СЦІСЛАСЦІ ФОРМЫ ТЭРМІНАЎ

 

© Буракова М. В., 2012

 

У статті на матеріалі електротехнічних термінів простежується система й законо-мірності утворення вторинних скорочених термінів на базі багатокомпонентних первинних термінів, виявляються способи й типи утворення коротших термінів-варіантів.

Ключові слова: білоруська мова, термінологія, терміносистема, термін, багатоком-понентний термін, скорочення, термінотворення, спосіб творення, вторинний термін.

 

In this article a system and patterns of formation of secondary contracted terms on the basis of multicomponent initial terms are observed after studying the material on electrotechnical terms; methods and types of formation of more short-form term variants are also revealed in it.

Keywords: Belorusian language, terminology, term system, term, multicomponent term, term formation, contraction, method of formation, secondary term.

 

Тэрміналогія з’яўляецца самай рухомай часткай лексікі і складае сістэму, якая пастаянна развіваецца. У выніку росту навукова-тэхнічных ведаў большую колькасць новых слоў, якія з’яўляюцца ў мовах, складаюць спецыяльныя словы, якія ў сваю чаргу больш запатрабаваныя, чым агульна-ўжывальныя. Тэхнічная тэрміналогія – асноўны пласт лексікі тэхнічных навук, што абумоўлена буйным развіццём навукі і тэхнікі, а таксама ўзнікненнем новых галін. Спецыяльныя словы (найменні), якія ўваходзяць у склад тэрміналагічнай лексікі пэўнай прафесійнай сферы, аб’ядноўваюцца ў сістэмы, актыўна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і з’яўляюцца адкрытымі для ўздзеяння пэўных фактараў. Працэсы тэрмінаўтварэння і тэрмінаўжывання ў тэхніцы не стыхійныя, а свядомыя, яны кантралююцца лінгвістамі і тэрмінолагамі. Патрабаванні да тэрміналагічных сістэм абумоўлены прызначэннем тэрмінаў служыць сродкам навуковай камунікацыі, якая вызначае шэраг правілаў, важнейшымі з якіх – строгая лагічнасць выкладу і эмацыянальная нейтральнасць. Гэтыя патрабаванні выразна акрэсліваюцца ў азначэнні тэрміна, дадзенае Б. Н. Галавіным і Р. Ю. Кобрыным: «Тэрмін – гэта слова ці падпарадкаванае словазлучэнне, якое мае спецыяльнае значэнне, выражае і фарміруе прафесійнае паняцце і прымяняецца ў працэсе пазнання і асваення навуковых і прафесійна-тэхнічных аб’ектаў і адносін паміж імі» [4, с. 45].

Нарматыўныя патрабаванні да тэрміна былі ўпершыню сфармуляваны заснавальнікам рускай тэрміналагічнай школы Д. С. Лотэ, на думку якога сістэмнасць тэрміналогіі заключаецца ў незалежнасці ад кантэксту, сцісласці тэрміна, яго абсалютнай і адноснай адназначнасці, прастаце і зразумеласці, ступені ўкаранення тэрміна [6, с. 109]. Нярэдка імкненне да зразумеласці і дакладнасці ў тэрмінасістэме прымушае будаваць шматслоўныя, грувасткія тэрміны, і тады ў выніку такога тэрмінаўтварэння не выконваецца нарматыўнае патрабаванне сістэмнасці паводле сцісласці тэрміна. З часам у маўленчай практыцы носьбітаў-тэрмінакарыстальнікаў пры частотнасці ўжывання «доўгіх» тэрмінаў назіраюцца змены, ці скарачэнні, рознымі спосабамі складанай канструкцыі тэрміналагічнага наймення.

Мэта артыкула – прасачыць за працэсам другаснага тэрмінаўтварэння ў ходзе выкарыстання першасных тэрмінаў адной тэрмінасістэмы, устанавіць спосабы і тыпы скарочаных, ці сціслых, тэрмінаў і наяўнасць – адсутнасць правілаў і законаў іх утварэння.

Разгледзім гэтае пытанне на матэрыяле электратэхнічных тэрмінаў прамысловай электронікі, паколькі ў слоўніку-даведніку змешчаны і першасныя і другасныя тэрміны [1]. Параўненне і супастаўленне першасных і другасных электратэхнічных тэрмінаў для абазначэння аднаго і таго ж паняцця дазволіла нам выдзеліць тры асноўныя спосабы ўтварэння скарочаных, ці сціслых, варыянтаў тэрмінаў на аснове першасных шматкампанентных. Гэта такія другасныя ўтварэнні, якія ўзнікаюць за кошт: 1) лексічнага скарачэння першаснага варыянта тэрміна, 2) скарачэння сродкамі словаўтварэння (абрэвіяцыя), 3) скарачэння сродкамі сімволікі. Пры гэтым структурныя мадэлі старых і новых тэрмінаў могуць быць аднолькавымі, тыпу ‘словазлучэнне → словазлучэнне’, але часцей іншымі, тыпу ‘словазлучэнне → слова’, ‘словазлучэнне → абрэвіятура’, ‘слова → літарнае скарачэнне (сімвал)’.

Першы спосаб, ці лексічнае скарачэнне, выкарыстоўваецца за кошт наступных прыёмаў:

а) апушчэнне слова ў словазлучэнні пры захаванні мадэлі ‘словазлучэнне → словазлучэнне’, напрыклад: актыўнае аўтаматычнае супраціўленне – амічнае супраціўленне; лініі магнітнай індукцыі – магнітныя лініі; электрычны разрад у газе – газавы разрад і інш.;

б) замена словазлучэння словам пры змене мадэлі ‘словазлучэнне → слова’: электрычная схема – чарцёж; аўтаматычны паветраны выключальнік – аўтамат; іонны прыбор – газатрон; радыяактыўнае рэле – гама-рэле; двухэлектронная лямпа – дыёд; ёмістасць электрычная – кандэнсатар; каэфіцыент самаіндукцыі – індуктыўнасць; тыпавыя звёны сістэм аўтаматыкі – звяно; вымяральны пераўтваральнік – датчык; каэфіцыент самаіндукцыі – індуктыўнасць; іскравы разрад – іскра; перфарыраваная стужка – перфарацыя; паўправадніковы дыёд – вентыль; паўправадніковы трыёд – транзістар; фотаэлектронны памнажальнік – фотапамнажальнік; чатырохэлектронная лямпа – тэтрод; энергетычная сістэма – энергасістэма і інш.

Пры такой замене ў састаўным тэрміне аднаго ці некалькіх кампанентаў часта назіраюцца марфалагічныя змены кампанентаў, што ўваходзяць у яго склад, і трансфармацыя іх граматычных катэгорый. У выніку такога скарачэння «скарочаны варыянт тэрміна знаходзіцца ў становішчы «зваротнай вытворнасці» з адным кампанентам (звычайна прыметнікам) поўнага варыянта» [5, с. 27]. Заўважым, што пропуск кампанентаў у тэрміне не ўздзейнічае на ўспрыняцце паняцця, так як страта тэрмінам пэўных сваіх кампанентаў запаўняецца кантэкстам, які дазваляе ўзнавіць прапушчаныя словы (ці слова), і непаразуменняў з тэрмінам не ўзнікае. Напрыклад, поўны варыянт тэрміна кабельныя лініі мае скарочаны варыянт – лініі, дзе страчаны кампанент узнаўляецца кантэкстам: «Лініі электраперадач, прызначаныя для падземнага злучэння спажыўцоў з крыніцамі электраэнергіі … прымяняюцца ў гарадах і на тэрыторыях прамысловых прадпрыемстваў» [1, с. 67]; тыпавыя звёны сістэм аўтаматыкізвяно: «Звяно практычна працуе без спазнення (электронная лямпа, транзістар, рэдуктар і інш.)» [1, с. 58]; вымяральны пераўтваральнікдатчык: «Па віду выхаднога сігналу датчыкі падзяляюцца на параметрычныя, пераўтвараючыя неэлектрычную велічыню ў супраціўленні…» [1, с. 64]; паўправадніковы дыёдвентыль: «Кантактнае злучэнне двух паўправаднікоў з рознымі праводнасцямі валодае яўна выражанай аднабаковай праводнасцю (з’яўляецца вентылем)» [1, с. 105].

Другі спосаб – скарачэнне сродкамі словаўтварэння – прадстаўлены ў электратэхнічнай тэрміналогіі мадэллю ‘словазлучэнне → абрэвіятура’, калі новае найменне вядомага вялікага тэрміна з часам ужываецца як скарочаны варыянт у выніку абрэвіяцыі, напрыклад: адносная працягласць уключэння – АПУ; цыфравая вылічальная машына – ЦВМ; электрарухаючая сіла – эрс; электрон-напрамянёвая трубка – ЭПТ; звышвысокая частата – ЗВЧ і інш.

Трэці спосаб – скарачэнне сімвалічнымі сродкамі, ці замена шляхам выкарыстання ўмоўных сімвалаў як знакаў тэхнічнай метамовы. Гэты спосаб адметны сярод скарачэнняў, але найбольш тыповы для электратэхнічнай тэрміналогіі, як і ўвогуле для тэхнічнай тэрміналогіі. Пры такой замене мадэль змяняецца толькі фармальна, а не колькасна. Сярод электратэхнічных тэрмінаў можна выдзеліць два тыпы скарачэнняў у залежнасці ад зыходнага тэрміна:

1)  ад тэрміна-эпоніма: ампер А, бел – Б, вольтВ, вебер – Вб, ват Вт , генрыГн, фарада  – Ф, джоўль – Дж, ньютан – Н, паскаль – Па, сіменс – См, кулон – Кл, тэсла – Т, кельвін К і інш.;

2)  ад любога іншага тэрміна: ‘слова-эпонім → сімвал’; ‘слова –> сімвал’: перыяд – Т, электронвольт – эВ, мега – М, паўправаднік – ПП, радыян – рад, люмен – лм, люкс – лк, метр – м, секунда – с, стэрадыяна – ср, кандэлы – кд і інш.

У працэсе выпрацоўкі другасных скарочаных тэрмінаў на аснове першасных поўных, паводле першага з названых тыпаў, адзначаецца выкарыстанне сімвала не як другаснага знака, а па сутнасці ўжо трэцяга варыянта. Так, прыведзеныя тэрміны для вымярэння розных велічынь электрычнай энергіі, што ўзніклі на базе ўласных імёнаў тыпу ампер ‘адзінка сілы току’ – ад А. М. Ампер (А. Ampere), фр. фізік; ват ‘адзінка магутнасці’ – ад Дж. Уат (D. Watt), англ. інжынер і вынаходца; вебер ‘адзінка магнітнага патоку’ – ад В.Э. Вебер (W. Weber), ням. фізік; вольт ‘адзінка электрычнага напружання’ – ад  А. Вольты (A. Volta), іт. фізік; кельвін ‘адзінка тэрмадынамічнай тэмпературы’ – ад У. Томсан (барон Кельвін) (W. Kelvin), англ. фізік; кулон ‘адзінка колькасці электрычнасці’ – ад Ш. А. Кулон (Ch. Coulomb), фр. інжынер і фізік; ламберт ‘адзінка яркасці’ – ад І. Г. Ламберт (J. Lambert), ням. вучоны; фарада ‘адзінка вымярэння электрычнай ёмістасці’ – ад М. Фарадей (M. Faraday), англ. фізік і інш., спачатку мелі ўмоўную сувязь з імёнамі сваіх вынаходцаў і адкрывальнікаў [2, с.55-56]. Затым, калі такога тыпу адзінкі «адарваліся» ад сваіх утваральных (пераход уласных імён у тэрміны-эпонімы – ад грэч. ‘даваць чаму-небудзь сваё імя’), яны былі заменены на адпаведныя ўмоўныя абазначэнні і сталі выкарыстоўвацца з дапамогай сімвалаў тыпу апмер – А, вольтВ, вебер – Вб, ват Вт , кулон – Кл і інш.

Трэба адзначыць, што другасныя варыянты электратэхнічных тэрмінаў, а ў некаторых выпадках і трэція варыянты, ці скарочаныя, сціслыя тэрміны, не знайшлі дастаткова поўнай фіксацыі ў ДАСТах з прычыны фіксацыі адпаведных ім першасных, ці «доўгіх» тэрмінаў. На самой справе іх колькасць значна большая і намнога ўзрасла, калі ўсе скарочаныя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў маўленчай дзейнасці (як вуснай, так і пісьмовай) спецыялістаў, былі б зафіксаваныя ў дзяржаўных стандартах. І тлумачыцца гэта тым, што сціслыя электратэхнічныя тэрміны ў мове навукоўцаў і практыкаў найбольш частотныя, з аднаго боку, што дае магчымасць іх усведамлення і разумення без каментарыяў, і больш спадручныя для выкарыстання іх у навукова-тэхнічнай мове, з другога боку, з прычыны якраз сцісласці ці эканомнасці выражэння, калі параўноўваць з іх поўнымі варыянтамі. Але пры гэтым варта падкрэсліць, што ўтварэнне скарочаных варыянтаў на базе поўных, па-першае, не адвольнае, а свядомае; па-другое, як відаць з нашага аналізу электратэхнічных тэрмінаў, падпарадкоўваецца пэўным правілам і характарызуецца пэўнымі заканамернасцямі, бо заключаецца ў тым, каб «па магчымасці больш наглядна, разам з тым дастаткова сцісла (кампактна) адлюстраваць гэтыя неабходныя дастатковыя прыкметы» [6, с. 108]

Такім чынам, паміж «навуковай» і «практычнай» тэрміналогіяй можна назіраць частковы разрыў, калі з’ява лексічнай эканоміі, ці ўзнікнення другасных, варыянтных тэрмінаў, становіцца тыповай для электратэхнічнай тэрмінасістэмы, але не зафіксаванай у ДАСТах. Выбар і ўтварэнне скарочанай формы тэрміна ў параўнанні з поўнай, адпавядае ўсім патрабаванням да тэрмінаўтварэння, і лічыцца найбольш зручнай, бо, як заўважае лінгвіст-тэрмінолаг Б. Н. Галавін, «чым больш складаная структура састаўнога тэрміна, тым менш выразны яго межы, тым больш варыянтаў яго члянення, тым менш устойлівыя яго ўнутраныя сувязі, тым большая верагоднасць яго структурнай варыяцыі ў працэсе функцыянавання, тым цяжэй яго ўзнавіць» [3, с. 67].

 

1. Бензарь В. К. Словарь-справочник по электротехнике, промышленной электронике и автоматике / В. К. Бензарь. – Минск, 1980. 2. Буракова М. У. Анамастыка, тэрміналогія і фразеалогія / М. У Буракова, В. А. Ляшчынская. – Мінск, 2011. 3. Головин, Б. Н. О некоторых доказательствах терминированности словосочетаний / Б. Н. Головин. – М., 1973. 4. Головин Б. Н. Лингвистические основы учения о терминах / Б. Н. Головин, Р. Ю. Кобрин. – М., 1987. 5. Даниленко В. П. Лингвистические требования к стандартизуемой терминологии / В. П. Даниленко // Терминология и норма. – М., 1972. 6. Лотте Д. С. Основы построения научно-технической терминологии: Вопросы теории и методики / Д. С. Лотте. – М., 1961.

 

 

наверх Технічний комітет стандартизації науково-технічної термінології